Сёньня, 14га, была на могілках чалавека, да якога я ня маю ніякага дачыненьня. Знаёмыя фактычна узроўня "2 разы паразмаўлялі калі гулялі ў Дотэс", хоць яна і дзяўчынка ж майго сябра была. Сёньня былі яе народзіны, споўнілася б 24. І, як і ў Верасьні, зноў я задаюся пытаньнем - ці не блюзьнерства маё знаходжаньне тут? Чаму я прыходжу, чаму я лічу, што нібы я маю дачыненьне, хоць і ня маю?
Напэўна мой адказ гэтакі: "Гэта могілкі чалавека, сьмерць якога зрабіла неверагодна няшчасным майго мілага сябра, любімага сябра. З яе сьмерцю распачалася пасьлядоўнасьць падзей, якія зьмянілі і маё жыцьцё."
Я не адчуваю нібы нешта страціла асабіста я, так, буду шчырай, але я адчуваю водгалас ягонага болю страты, і гэты водгалас, толькі ж водгалас, рэха, гэта адно з самых балючых пачуцьцяў, што я ўвогуле адчувала ў жыцьці. І так, я амаль ня ведала яе пры жыцьці, але я шмат даведалася пра яе жыцьцё, ўжо пасьля, і пра яе каханьне, і пра яе шчасьце, і пра яе боль, і пра яе адчай ад жаху страты, і мне балюча, што хтосьці быў вымушаны пераносіць усё гэта, і каму не хапіла моцы.
Але мы ж шкадуем не нябожчыкаў, мы шкадуем жывых. І я не магу яму паабяцаць, што нібы "усё будзе добра", ці яшчэ якія дурныя словы. Усё, что я магу і чаго я жадаю, гэта мець магчымасьць быць побач, калі яму неабходна каб хтосьці быў побач. І калі я чымсьці, хоць трошкі змагу палегчыць ягоны боль, хоць неяк аднавіць у ім каліва зацікаўленасьці ў жыцьці, хоць на імгненьне адцягнуць яго ад сумных думак, то я шчасьлівая. То я жыву ў сьвеце недарэмна.